ЛЮБЯШО́ЎСКІ ПІЯ́РСКІ КАЛЕ́ГІУМ.
Дзейнічаў у 1693—1834 у мяст. Любяшоў Брэсцкага ваяв. (цяпер. гар. пасёлак у Валынскай вобл. Украіны). Створаны на сродкі кн. Я.К.Дольскага (гл. Дальскія). У 1750—60-я г. навуч. сістэма калегіума рэарганізавана паводле рэформ правінцыяла ордэна піяраў асветніка С.Канарскага. У апошняй чвэрці 18 ст. ў час дзейнасці Адукацыйнай камісіі Л.п.к. быў падакруговай школай, з 1790 — у асобай Піярскай навуч. акрузе з тэрмінам навучання 6 гадоў (у 3 класах) і 4 выкладчыкамі. З 1803 у складзе Віленскай навучальнай акругі як 6-класнае пав. вучылішча з гімназічнай праграмай, было 8 выкладчыкаў, меліся б-ка, бат. сад, лабараторыі, аптэка; у 1807 было 186 вучняў. У 1826 пераўтвораны ў пав. 4-класнае вучылішча, у 1834 скасаваны. Сярод выхаванцаў: Т.Касцюшка і яго брат Юзаф, будучыя прафесары Віленскага універсітэта А.Доўгірд, Ф.Серафіновіч, М.Фрацкевіч, Б.Сырук, паэт М.Харкевіч і інш.
А.Ф.Самусік.
т. 9, с. 401
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)